Што рабіць, калі вас ушчыльняюць-забудоўваюць. Тры магчымыя варыянты дзеянняў

Канфлікты, якія разварочваюцца на фоне забудовы, ушчыльнення ці высечкі дрэваў, бадай, самыя гарачыя за апошні час. Людзі даведваюцца пра злашчасныя аб'екты, калі тэрыторыю агароджваюць плотам ці ўжо пачынае працаваць тэхніка. Чаму так і што з гэтым рабіць, разбіраемся разам са спецыялістамі "Экадома".

07.02.2018 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: arrestedmotion.com, loqueva.com, nowness.com, ntu.edu.sg

Найчасцей канфлікты разгараюцца на стадыі, калі змяніць рашэнне па забудове ці ўзвядзенні вытворчага прадпрыемства ў непасрэднай блізасці ад населеных пунктаў бывае ўжо позна: праект прайшоў усе стадыі ўзгаднення і катлаван ужо пачынаюць капаць.

"Праблема заключаецца ў тым, што ў апаведнасці з нашым заканадаўствам людзей інфармуюць на стадыі, калі ўжо распрацаваны праект, — будзь гэта архітэктурная дзейнасць: Генплан, план дэтальнага планавання, будаўніцтва асобных дамоў і бізнас-цэнтраў ці абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці. Гэта дзве розныя магчымасці для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў. Аднак людзі інфармуюцца пра такія грамадскія абмеркаванні праз сайт мясцовага выканкама ці публікацыю ў мясцовай газеце. Ні тое, ні другое звычайна людзі не адсочваюць. Акрамя таго, аб'яўкі зфармуляваныя так, што нават прачытаўшы яго, не заўсёды магчыма зразумець, што на самой справе будзе абмяркоўвацца", — тлумачыць Марына Дубіна, актывістка грамадскага аб'яднання "Экадом".

І ўсё ж рукі адразу апускаць не варта. У вас ёсць некалькі варыянтаў для дзеянняў, якія могуць паспрыяць, калі не вырашэнню сітуацыі, то хаця б яе паляпшэнню.

 

Варыянт 1: Пасіўны

Калі вас хвалюе несправядлівасць сітуацыі, але вы не адчуваеце ў сабе сіл уключыцца ў ініцыятыўную групу мясцовых жыхароў па шэрагу прычын (сям'я, праца, страх), то ваш варыянт — падпісаць петыцыю, ці аддаць "жывы" голас пад калектыўным зваротам. Акрамя таго, вы можаце ўзяцца за пошук экспертаў, аналіз дакументацыі і распаўсюджванне інфармацыі.

Платформы, на якіх звычайна размяшчаюцца петыцыі:

  • zvarot.by
  • Зручны горада
  • change.org — петыцыі з гэтага рэсурса могуць не разглядацца дзяржаўнымі органамі, так як іх форма не адпавядае беларускаму заканадаўству.

"Самі па сабе подпісы не гарантуюць, што праект адменяць ці ўнясуць змяненні ў плануемую дзейнасць. Звычайна камісія пра правядзенні грамадскіх абмеркаванняў  іх та прыме і адзначыць у пратаколе абмеркаванняў, які пасля пойдзе па ўсім стадыям разгляду і ўзгаднення дакументацыі. Але чым болей подпісаў і зваротаў, тым больш паказана і адлюстравана грамадская пазіцыя ў дачыненні да дадзенага аб'екта. Таму вельмі важна, што менавіта вы пішаце ў звароце, на што спасылаецеся і чым аргументуеце сваю пазіцыю, ці знайшлі вы якія-небудзь неадпаведнасці, парушэнні. Вядома, без экспертнай дапамогі падрыхтаваць аргументаваны зварот складана".

У аб'яве пра правядзенне грамадскіх абмеркаванняў заўсёды ўказана, куды менавіта і ў які тэрмін трэба накіраваць каментары і прапановы. Але вы таксама можаце накіраваць іх непасрэдна ў тыя органы, што могуць паўплываць на прыняцце рашэнняў. Напрыклад, калі для аб'екта патрабуецца дзяржэкспертыза і вы знайшлі парушэнне ў галіне аховы наваколля — пішыце ў Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Непасрэдна ён будзе праводзіць экспертызу і разглядаць пры яе правядзенні вашыя заўвагі.

"Можна пісаць і ў іншыя дзяржаўныя органы, але варта не забываць, што ў кожнага з іх свая кампетэнцыя — пішыце звароты з гэтым улікам. Аднак у рамках грамадскіх абмеркаванняў важна накіраваць вашы звароты з подпісамі менавіта ў тэрмін і па кантактам указаным у аб'яўцы, у камісію па правядзенні грамадскіх абмеркаванняў

І не варта па ўсіх пытаннях пісаць прэзідэнту, міністру і ва ўсе вышэйшыя інстанцыі — вам гэта не дапаможа і вы толькі згубіце час. А дзяржорганы будуць пастаянна перасылаць звароты "уніз", — кажа экспертка Марына Дубіна.

 

Варыянт 2: Актыўны, але з пэўнымі "але"…

Калі ўсё ж вы разумееце, што быць назіральнікам барацьбы вы проста не можаце, то нырайце ў гушчу падзей з галавой. Толькі ўлічыце, што дамагчыся праўды будзе вымагаць шмат сіл і часу.

Пастарайцеся падключыцца да ініцыятыўнай групы ці аб'яднаць аднадумцаў вакол сябе. Вам давядзецца шмат працаваць з вузкаспецыяльнай дакументацыяй і экспертамі, удзельнічаць у перамовах, абмеркаваннях, у крайнім выпадку нават ісці ў суд. Дзеля гэтага абавязкова трэба выпрацаваць агульную пазіцыю, якая б была прымальна для мясцовых жыхароў, а таксама распрацаваць план дзеянняў, каб нічога не выпусціць з віду.

"Памятайце, што час іграе супраць вас. Трэба дакладна разумець у якіх абставінах вы дзейнічаеце, якія ў вас тэрміны, ад каго залежыць прыняцце рашэнняў, хто будзе ўзгадняць праект, хто і якія дазволы выдае. Вы можаце пісаць звароты, хадзіць на прыёмы. Але не забывайце інфармаваць грамадскасць, журналістаў пра вашыя дзеянні. Асвятленне праблемы — важна!"

"Каардынуйце сваю дзейнасць з іншымі актывістамі, арганізуйце сустрэчы па планаванні і распрацоўцы пазіцыі, — зазначае Марына Дубіна, — Старайцеся быць канструктыўнымі, мець абгрунтаванне вашай пазіцыі, экспертную ацэнку і заручыцца падтрымкай спецыялістаў. Дзеля таго, каб ваша пазіцыя мела большую вагу. Улічвайце, што людзі могуць па-рознаму ўдзельнічаць у дзейнасці, але ўнёсак кожнага важны: хтосьці збярэ подпісы, хтосьці знойдзе экспертаў, хтосьці будзе камунікаваць з журналістамі, а хтосьці гатовы здаць грошы на юрыстаў".

Асабліву ўвагу звяртайце на правядзенне грамадскіх абмеркаванняў. Прымаць удзел у такіх мерапрыемствах важна, хаця б таму, што вы можаце пачуць аргументы іншага боку і данесці свае. Таксама на грамадскіх абмеркаваннях вы можаце падаць свае каментары да праекта, але ніхто не дае гарантыі, што іх улічаць.

«Грамадскія абмеркаванні — гэта тая стадыя, калі ўсе рашэнні яшчэ не прыняты, і ад супольнасцяў чакаюць каментары і прапановы. Звычайна калі ў людзей атрымоўвагася штосьці адстаяць, змяніць праект, дамагчыся адмены дзейнасці — гэта была іх заслуга актыўнага ўдзела ў абмеркаваннях», — кажа Марына.

Аднак будзьце гатовыя да таго, што не кожны праект можа мець нулявое рашэнне — адмену рэалізацыі. Ёсць шэраг інвестыцыйна-палітычных аб'ектаў, якія пры ўсім нежаданні людзей прыпыніць практычна не магчыма. Таму ўзважвайце ўсе "за" і "супраць". У такой сітуацыі магчымым выйсце можа быць кампрамісны варыянт, калі прадпрыемства пабудуюць, але вы зможаце дабіцца якасных ачышчальных і маніторынгу яго выкідаў.

"Памятайце, што вашыя мэты могуць быць, як жадаемыя і ідэальныя, так часам і не зусім рэалістычныя і дасягальныя. Абмяркуйце з мясцовымі жыхарамі, ці гатовыя вы, напрыклад, дамагчыся не поўнай адмены праекта, а ўнясення змяненняў у яго: замест 9-ціпавярховага дома — 5-ціпавярховы, і патрабаваць будаўніцтва дзіцячых пляцовак, добраўпарадкаваць зялёныя зоны. Не апускайце рукі! Не губляйце час! Майце план "Б".

"Нават калі вам не ўдалося цалкам дабіцца адмены праекта, можна пастарацца дамагчыся кампенсацыйных мер — змяншэння вытворчасці, усталяванне больш сучасных ачышчальных, шумаізаляцыйныя экраны, аб'яздныя дарогі, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый".

"І нават пры запуску прадпрыемства, не апускайце рукі і не спыняйцеся! Ад ваша ўдзелу залежыць  якім чынам гэта дзейнасць будзе ўплываць на вас і наваколле. Ажыццяўляйце пост-маніторынг", — падказвае экспертка.

 

Варыянт 3: Радыкальны

Ужо было не мала выпадкаў, калі мясцовыя жыхары ўступалі ў прамую канфрантацыю з будаўнікамі, выходзілі з пікетамі супраць будаўніцтва і ставілі намётавы гарадок. Дзесьці гэта сыграла на карысць кампаніі, а дзесьці толькі папсавала людзям нервы, не прынёсшы станоўчага выніку.

Аднак варта памятаць, што акрамя сапсаванага здароўя і некалькі соцен непрыемных каментароў, вы рызыкуеце атрымаць рэальныя штрафы і нават суткі за парушэнне правапарадку.

"Так, гэта рэчаіснасць. Трэба разумець, што за любую дзейнасць у нашай краіне можа быць адказнасць. Нават калі вы нічога не зрабілі". 

"Калі людзей ніхто не хоча чуць, яны вымушаны ісці на прамую абарону сваіх правоў і інтарэсаў: залазіць на кран, станавіцца пад дрэвы, разбіваць намётавы лагер. Бо па-іншаму іх не чуюць і не хочуць чуць. Бясконцая перапіска ператвараецца ў бессэнсоўную руціну з мноствам адпісак, паходы на прыёмы становяцца пустаслоўем, грамадскія сходы — выглядаюць хаосам, дзе ніхто нічога не хоча слухаць: дзяржаўныя орагны ў чаканні, грамадскасць выпускае пару. Пасля ўсе разыходзяцца як быццам бы справа абмеркавана, усе праінфармаваны. Такая практыка непазбежна вядзе да сацыяльнай напружанасці, калі з людзьмі не лічацца. Калі людзі не будуць уключаны ў працэс прыняцця рашэнняў на раннім этапе і не будуць мець рэальных інструментаў для ўдзелу, будуць узнікаць канфлікты", — падкрэслівае Марына Дубіна.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 07.02.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.