Ганна Сілівончык: “Раней шмат гатавалі таго, што не трэба пекчы альбо варыць”

Ашчаджэнне рэсурсаў, натуральныя тканіны, раслінныя фарбавальнікі і выкарыстанне попелу ў якасці сродку для прання.

Зялёны партал распытаў старшыню "Студэнцкага этнаграфічнага таварыства" Ганну Сілівончык пра “зялёны” складнік традыцыйнага беларускага побыту.

 

Што елі і як гатавалі

Канечне, у нашых продкаў уся ежа была здаровая. У ёй не было аніякай “хіміі”, таму што нічога такога ў той час яшчэ не прыдумалі. Акрамя гэтага, важна зазначыць, што людзі раней максімальна эфектыўна выкарыстоўвалі магчымасці, якія давала прырода. Што тычыцца жывёлаў, дык іх кармілі на самых розных лугах, маглі вазіць праз ваду на нейкія заліўныя лугі. Максімальна выкарыстоўвалася навакольнае асяроддзе, каб пракарміць вельмі розных хатніх жывёлаў.

Людзі нарыхтоўвалі некаторыя прадукты наперад, і асабліва гэта тычылася мяса. На Каляды, напрыклад, рабілі наступным чынам: забівалі кабана і рыхтавалі ўсё, што можна было выкарыстаць у ежу. І ўвесь святочны калядны перыяд гэта ўсё гатавалася. Максімальна эфектыўна выкарыстоўваліся ўсе часткі, - усё ішло альбо ў харчаванне, альбо на іншыя патрэбы гаспадаркі. Гэта ж яшчэ і пэўны спажывецкі светапогляд: калі ўжо забілі жывёлу, дык трэба максімальна выкарыстаць гэтую тушу, а не адбіраць толькі найбольш добрыя і смачныя кавалкі. Па сутнасці, нашыя продкі дужа ашчадна выкарыстоўвалі рэсурсы.

Пра вегетарыянства як такое ў дачыненні да нашых продкаў казаць не даводзіцца, але былі перыяды, калі ўжывалі посную ежу, і калі скаромную. Тобок былі такія перыяды, калі людзі не ўжывалі мяса, але гэта абумоўлівалася рэлігійнай традыцыяй.

Увогуле ж стараліся спажываць каларыйныя прадукты – гэта і мяса, і малочныя прадукты, і яйкі. Але рацыён не быў аднатыпным увесь год – ён значна змяняўся ў залежнасці ад сезону.

Выкарыстоўвалася ежа, якая расце тут і зараз. Як толькі пачыналася вясна, бралі самыя першыя расліны - крапіву, лебяду, сныць і іншае, што пачынала расці.

Калі пад час Масленіцы цяліліся каровы і з’яўлялася новае малако, дык у рацыёне людзей станавілася больш малочных прадуктаў. Такім чынам, усё было вельмі шчыльна звязана з прыроднымі натуральнымі з’явамі і цыкламі жыцця жывёлаў, што выкарыстоўваліся ў гаспадарцы.

Печ тапілі і ўлетку, хоць бы таму, што быў патрэбны хлеб (пяклі яго раз на тыдзень). У хаце ад гэтага было спякотна, канечне, але ўлетку людзі часта ночылі не ў хаце, а на свежым паветры.

І ўвогуле, раней былі вельмі іншыя рэцэпты. Даволі шмат гатавалі таго, што не трэба пекчы ці варыць. Халаднікі рабілі на аснове квасу і кіслага малака, гатавалі стравы, якія не патрабавалі доўгай тэрмічнай апрацоўкі, шмат елі свежай садавіны і гародніны.

На Вялікдзень яйкі фарбавалі часцей за ўсё цыбулевым шалупіннем, але таксама выкарыстоўвалі розныя травы і пупышкі, якія давалі зялёныя колеры. Гарадзенскія чорныя пісанкі рабілі з дапамогай адмысловага адвару, у які дадавалася іржа з жалеза, кара дуба, кара вольхі.

Адмысловая камбінацыя настойвалася пэўны тэрмін, і ў гэтым растворы фарбаваліся яйкі. Маглі яшчэ выкарыстоўвацца простыя дасяжныя фарбавальнікі, але найбольш яскравы і сімвалічны колер – чырвоны, так што цыбуля была бяспройгрышным варыянтам.

 

Як і з чаго рабілі вопратку

Усё беларускае традыцыйнае адзенне – гэта адзённе з лёну і з воўны. Бавоўна шырока не выкарыстоўвалася вельмі доўгі час, а шоўк і іншыя тканіны такога гатунку – гэта матэрыял для больш багатых. 

“Простыя людзі” карысталіся ільном і воўнай. Абодва гэтыя матэрыялы вельмі добрыя да цела. У ільняным адзенні вельмі добра пачуваешся і калі горача, і калі халодна. Тое ж самае і з воўнай. У мяне быў досвед насіць ваўняныя шкарпэткі і ў халодны перыяд, і ў больш цёплы. У іх не горача і не халодна, а вельмі зручна для цела.  Усе гэтыя тканіны людзі выраблялі самі, і шылі адзенне таксама самі. Ільняныя і ваўняныя тканіны добрыя для нас яшчэ і тым, што някепска пасуюць да мясцовага клімату.

У асноўным з тканінай традыцыйна працавалі жанчыны. Там, дзе ішоў больш прамысловы выраб валянай тканіны, там была патрэбная фізічная моц, і часам гэтым займаліся мужчыны. Але што тычылася прадзення, ткацтва (калі гэта не прамысловы ўзровень), дык гэта ўсё рабілі жанчыны. І была ўзроставая дыферэнцыяцыя.

Маладзейшым дзяўчынам, якія толькі вучыліся прасці, дык ім давалі прасці з больш грубага матэрыялу, а ўжо дзяўчаты, якія былі на выданне і былі ў самым росквіце свайго майстэрства і сілаў, - ім давалі прасці самую тонкую кудзелю. Яны працавалі з найтанчэйшым ільном, найтанчэйшай воўнай і рабілі вельмі тонкую нітку.

З гэтай ніткі атрымоўвалася палатно найлепшага гатунку. І найтанчэйшае палатно ішло на падарункі на вяселле важным людзям, на вясельнае адзенне жаніху і сабе, на галаўныя ўборы (улетку вельмі горача ў шчыльным палатне).

 

Чым фарбавалі адзенне

Фарбавалі ніткі і тканіны першапачаткова расліннымі матэрыяламі: вольхай, карой дуба. Каб атрымаць цёмна-карычневы колер, замочвалі тканіну ў балотнай рудзе, у мясцінах, дзе ёсць торф. Для розныя адценняў выкарыстоўвалі розныя пупышкі, ягады і інш. Найбольш пашыраныя ў беларускай культуры былі тры колеры: белы, чырвоны і чорны. Белы атрымліваўся сам з лёну, і фактычна трэба было фарбаваць толькі чырвоны і чорны.

Воўна была і белая, і шэрая, і карычневая, і чорная. Колер авечкі даваў фарбу, але і дадаткова фарбавалі сыравіну.

У другой палове 19-га стагоддзя пачалі пашырацца анілінавыя фарбавальнікі, і ўжо фарбу можна было набыць на кірмашы, а дома фарбаваць тканіну ў патрэбныя колеры. Але моцна змяніліся колеры: калі фарбавалі натуральнымі фарбавальнікамі, дык адценні былі больш стрыманыя, а анілін даваў вельмі яскравыя колеры. Культурны пераход ад стрыманай гамы да яскравай і пярэстай адбываўся вельмі паступова, і фактычна скончыўся толькі ў 20-м стагоддзі.

 

Маштабы гардэробу

Колькасць вопраткі ў чалавека залежыла перш за ўсё ад заможнасці сям’і.  У прынцыпе, жанчыны сабе рыхтавалі ў маладосці святочнае адзенне фактычна на ўсё жыццё. Канечне, пазней некаторыя яшчэ штосьці дараблівалі, але ў асноўным час сядзець, вышываць, рабіць карункі быў толькі ў маладосці.

Старыя жанчыны кажуць, што трэба было на ўсе асноўныя святы гадавога кола мець асобныя строі. І новымі (іншымі) мусілі быць усе часткі – фартухі, спадніцы, кашулі, хусткі... Гарсэт, пацеркі і боты маглі быць адны і тыя ж круглы год, бо гэта больш заможныя рэчы. А што тычыцца больш “простых” самаробных прадметаў адзення, дык яны мусілі абнаўляцца.

У цэлым шмат што залежыла ад сям’і. Часам пэўныя рэчы перадаваліся ў спадчыну. Маці магла перадаваць дачцэ добра захаваныя рэчы, тая – сваім дзецям. І ў адной жанчыны магло быць і дзесяць андаракоў, кашуль таксама прыкладна столькі ж.

Мылі вопратку звычайна завараным попелам. Ільняную вопратку так заварвалі, вымочвалі, і калі яна адлёжвалася ў гэтай масе, яе неслі на рэчку паласкаць і адбіваць рубелікам (адмысловай дошкай).Потым усё гэта выпрастоўвалі адмысловымі драўлянымі прыстасаваннямі, акуратна складвалі і так захоўвалі. Ваўняныя андаракі (спадніцы) асабліва не было патрэбы мыць.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 15.12.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.