Ахова сакральных прыродных мясцін: рэкамендацыі UNESCO і эстонскі досвед

Па азначэнні, прынятым UNESCO і Сусветным саюзам аховы прыроды, сакральнае прыроднае месца – гэта частка сушы ці вады, што мае асаблівую духоўную значнасць для людзей і супольнасцей.

Часта ў такіх мясцінах, дзякуючы таму, што яны ахоўваліся стагоддзямі ці нават тысячагоддзямі, – высокая біяразнастайнасць, стабільныя экасістэмы. Гэта найстарэйшыя ахоўныя прыродныя тэрыторыі планеты. Біялагічная і культурная разнастайнасць ўзаемазвязаныя і ўплываюць адна на адну.

 

Святы камень ля в. Крамянец Лагойскага р. з шыльдай “Ахоўваецца дзяржавай”. 2015 г. Фота Алены Ляшкевіч

Сакральныя прыродныя месцы могуць мець самыя розныя памеры – ад асобнага камня, дрэва, гары, да лясоў і горных хрыбтоў. У Беларусі, напрыклад, яны найчасцей утвараюцца вакол камянёў, крыніц, дрэў, некаторыя з якіх ахоўваюцца як помнікі прыроды. Дакладнай статыстыкі па колькасці сакральных прыродных мясцін у свеце няма, UNESCO называе лічбу каля чвэрці мільёна.

Сакральныя прыродныя месцы могуць у розных культурах лічыцца жытлом багоў, духаў, продкаў, асацыявацца з пустэльнікамі, прарокамі, святымі, быць месцамі для правядзення цырымоній, малітвы, медытацыі… Звычайна акрамя рэлігійнай такія месцы маюць культурную і гістарычную значнасць.

Святы камень ля в. Крамянец Лагойскага р. 2015 г. Фота Алены Ляшкевіч

Сакральныя прыродныя месцы цэняцца не толькі за іх “нематэрыяльныя” якасці. Яны часта з’яўляюцца крыніцамі вады (напрыклад, горныя вадазборы і святыя студні, рэкі і азёры) і могуць забяспечваць лекамі, ежай, рытуальнымі атрыбутамі ды іншымі рэсурсамі. Сакральныя месцы не застаюцца статычнымі ў часе і прасторы, у адказ на змены асяродку могуць стварацца новыя. Яны спрыяюць падтрыманню сувязяў з прыродай як карэнных народаў, так і сучасных грамадстваў, дастаткова аддаленых ад яе.

UNESCO рэкамендуе ахоўваць прыродныя сакральныя мясціны, адначасова забяспечваючы дасяг і належнае выкарыстанне.

Пры неабходнасці ўсталёўваюцца дапаможныя, буферныя і пераходныя зоны вакол ці каля сакральных мясцін, паміж імі і ўчасткамі з аналагічнай прыродай могуць стварацца экалагічныя калідоры. У якасці ключавой стратэгіі прапануецца экасістэмны падыход, што садзейнічае захаванню навакольнага асяродку і ўстойліваму развіццю, а таксама ўлучае культурныя і духоўныя каштоўнасці.

Неабходна кіраваць плынню наведвальнікаў, распрацоўваць для іх правілы паводзінаў, інфраструктуру, прадугледжваючы нагрузку падчас паломніцтваў і сезонных зменаў наведвальнасці. Турыстычная дзейнасць павінна быць культурна прымальнай.

 Стужкі на святым дрэве ў Эстоніі. 2017 г. Фота Настассі Глушко

 

Эстонская практыка аховы сакральных прыродных мясцін

Частка зямельных тэрыторый у Эстоніі была вернутая нашчадкам колішніх гаспадароў у постсавецкі перыяд, а часткай валодае дзяржава. Асабліва каштоўныя і грамадска значныя аб’екты знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, якой бы формы ўласнасці ні была зямля, дзе яны месцяцца.

Сакральныя прыродныя мясціны на дзяржаўнай тэрыторыі ахоўваюцца нароўні з іншымі аб’ектамі культурнай спадчыны. Яе формы разнастайныя: месцы знаходжання колішніх хутароў, жыхары якіх былі сселеныя ў вёскі; каменныя агароджы і печы, што ад іх засталіся; мачыльныя ямы, у якіх вялася гаспадарчая дзейнасць; ваенныя і прамысловыя пабудовы; дрэвы, крыніцы, камяні; дарогі; нават лясныя насаджэнні, створаныя рукамі чалавека.

Цэнтр кіравання дзяржаўнымі лясамі Эстоніі адносіць да культурнай спадчыны ўсе сляды побыту папярэдніх пакаленняў.

Нечаканая для чалавека постсавецкай ментальнасці заўвага: “Для абароны культурнай спадчыны недастаткова толькі законаў. Нашмат больш эфектыўная абарона з боку ўласніка, усведамленне ім факта, што на яго зямлі знаходзяцца ўнікальныя культурныя аб’екты. Гэта падвысіць каштоўнасць яго маёмасці і самасвядомасць, выдзеліць сярод суседзяў” (з сайта Цэнтра кіравання дзяржаўнымі лясамі).

Свядомая захаванне культурнай спадчыны мясцовага значэння, не ўзятай пад ахову дзяржавы, – з’ява ХХІ стагоддзя. У савецкі час тыя, хто прымалі рашэнні, ставіліся да шмат якіх аб’ектаў, каштоўнасць якіх сёння не выклікае сумніваў, як да перажытку аграрнага грамадства, што павінна саступіць месца сацыялістычнаму будаўніцтву.

  Шыльда ля святой крыніцы Тайвас кода ў Эстоніі з эмблемай Цэнтра кіравання дзяржаўнымі лясамі. 2017 г. Фота Настассі Глушко

Супрацоўніца Цэнтра кіравання дзяржаўнымі лясамі Эстоніі Трыйн Кузьмін распавяла, што сакральныя мясціны могуць знаходзіцца пад аховай дзяржавы як экалагічныя аб’екты ці частка культурнай спадчыны. Галоўная праблема з сакральнымі мясцінамі – тое, што паміраюць носьбіты ведаў пра іх.

Некаторыя аб’екты становяцца шырока вядомымі не толькі ў наваколлі, і гэта шанец для іх працягнуць існаванне на нацыянальным узроўні замест лакальнага. Раней кожная частка лесу, урочышча, палянка, мелі ўласныя назвы.

Лес быў папраўдзе культурным ландшафтам. Калі інфармацыя не зафіксаваная, сакральныя аб’екты і іншыя часткі культурнага ландшафту становяцца проста прыроднымі.

Цэнтра кіравання дзяржаўнымі лясамі часам арганізуе інфармацыйныя дні. На гэтых мерапрыемствах распавядаюць у тым ліку пра аб’екты культурнай спадчыны ў лясах. Такія падзеі могуць мець вузкалакальны характар, калі жыхары пэўнага населенага пункта даведваюцца аб спадчыне ў іх ваколіцах, ці наадварот, агульнанацыянальны, калі расповед ідзе пра ўсю Эстонію.

“Ахвярны камень старажытных эстаў”, які да сённяшняга дня шануецца ў цэнтры Тарту, Эстонія. 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч

Што цікава, на цяперашні момант амаль палова тэрыторыі Эстоніі пакрытая лясамі, а яшчэ перад Другой сусветнай лясістымі былі толькі 20 % краіны. Трыйн Кузьмін тлумачыць гэта распаўсюджанай у міжваенны перыяд хутарской сістэмай і вялікай роляй сельскай гаспадаркі ў той час.

Стаўленне да лесу было досыць практычным: людзі думалі, што з яго можна атрымаць і заадно – як яго захаваць. Трэнд апошняга часу – пакідаць у лясах тэрыторыі, дзе забароненая высечка. Ёсць стэрэатып пра эстонцая як “лясны народ”. Можа, у сённяшнім свеце ён і не дужа актуальны – большасць эстонцаў жыве ў гарадах. Але ўзрастае папулярнасць ляснога турызму.

“Ахвярны камень старажытных эстаў”, які да сённяшняга дня шануецца ў цэнтры Тарту, Эстонія. 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч

Можна наведваць як дзяржаўныя, так і прыватныя лясы, калі гаспадар не паставіў забараняльнаг знаку на ўваход ці на збор пэўнага віду раслін. Афіцыйна ставіць намёт па-за кэмпінгамі можна толькі на адну ноч. Часам у лясах стаяць вельмі просценькія хаткі, дзе турысты могуць спыняцца задарма, часам больш складаныя забудовы, якія трэба рэзерваваць папярэдне і за грошы.

З аднаго боку, свет усё больш глабалізуецца, з другога, людзі цікавяцца тым, што знаходзіцца побач з імі. Гаспадары зямлі даглядаюць аб’екты культурнай спадчыны, што знаходзяцца на іх тэрыторыі, нават разумеючы, што ў маштабах краіны такіх аб’ектаў шмат і іхні не ўнікальны. Спадчына становіцца сродкам прыцягнуць турыстаў і адначасова дае магчымасць разабрацца са сваёй ідэнтычнасцю.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 27.12.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.