Горад і агарод: як гарадскога чалавека цягне да зямлі

Вертыкальныя сады, гарадское агародніцтва – папулярнае хобі нашых заходніх суседзяў, што толькі прыходзіць да нас. Патрэба ў лакальных участках сярод горада выклікана хутчэй не неабходнасцю забяспечыць сябе прадуктамі харчавання, а жаданнем гараджан быць бліжэй да прыроды, сацыялізавацца і знаходзіць знаёмых па інтарэсах.

28.12.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

У Мінску ўжо існуюць ініцыятывы, што развіваюць зялёныя аазісы пасярод гарадскога тлуму.  Будучай вясной павінны з'явіцца яшчэ адзін па-за кальцавой дарогай у адносна новым мікрараёне ў Копішчах. Ініцыятаркай яго стварэння выступае мясцовая жыхарка Марыя Грыц, што летась з мужам пераехалі ў адзін са шматпавярховікаў.

''Пэўны час я жыла ў прыватным доме і проста ненавідзела агарод. Гэта была нейкая павіннасць і кара нябёсаў палоць грады з клубнікай. Але з пераездам у кватэру на дзіва пачало не хапаць калупання ў зямлі, стварэння чагосьці і назірання'', – распавядае  яна.

Летам Марыя арганізавала невялікі агародзік на падваконні. Нягледзячы на ўсю нелюбоў мужа да гэтай справы, у імкненнях дзяўчыны ён падтрымаў яе: дапамог арганізаваць палет пад клубніцы, палічкі, каб зручней было ўсталяваць кадкі і вазоны.

''Я не разлічвала на вялікую аддачу, хутчэй гэта рабілася для душы і прыгажосці. Аднак усё лета мы елі свае агуркі і памідоры. Мне падаецца гэта паказальна'', – зазначае Марыя.

Сваім досведам, лайфхакамі і эксперыментамі дзяўчына дзеліцца ва ўласным бложыку. Дарэчы, дзякуючы яму яна ўжо знайшла некалькі аднадумцаў і апантаных ідэяй развіцця гарадскога агародніцтва людзей.

Не застаўся незаўважным балконны агарод і для суседзяў, што падыходзілі, цікавіліся, знаёміліся. Таму  на будучую вясну Марыя плануе выйсці з імправізаванымі градамі за межы сваёй кватэры і арганізаваць іх у сябе пад вокнамі на вуліцы, каб да праекту маглі далучыцца іншыя жыхары  дому. Бо як ўпэўнена дзяўчына, агародніцтва – найлепшы варыянт актыўнага адпачынку, калі чалавек стварае штосьці сваімі рукамі і можа памацаць вынік працы.

Наглядна ж прадэманстраваць натуральную альтэрнатыву гародніне з крамаў дапаможа лакальны фермерскі кірмаш, які Марыя задумала зарганізаваць на паркоўцы за домам. І калі  пасля гэтага хаця б некалькі сям'яў задумаюцца над тым, чым харчуюцца, будзе дужа добра, сцвярджае яна.

''Мой праект адначасова і адукацыйны, і сацыяльны. А з улікам таго, што экалогія становіцца ўсё больш папулярнай тэмай, у будучым да яго варта прапаноўваць і нейкую бізнэс-мадэль, каб зацікавіліся кампаніі, – кажа Марыя. – Да ўсяго, у раёне па суседству, у Новай  Баравой, забудоўшчыкам ужо запланавана стварэнне грамадскага агародзіка. Значыць інтарэс сапраўды ёсць''.

Першым крокам да рэалізацыі сваёй глабальнай ідэі дзяўчына выбрала ўдзел у конкурсе праектаў #Паскарэнне, на які падала заяўку ў апошні дзень рэгістрацыі. Фінансавыя выдаткі для ажыццяўлення задуманага, упэўнена Марыя, спатрэбяцца невялікія: набыць дошкі, глебу і насенне.

''Мне б хацелася, каб ад самага пачатку агародзік быў максімальна экалагічным. Дзеля гэтага планую дамовіцца з якой піларамай, каб набыць неабразную дошку з карой, што будзе і прыгажэй выглядаць, і таней каштаваць і патрабуе мінімальнай апрацоўкі'', – тлумачыць яна.

Што ж тычыцца выбару матэрыялаў для арганізацыі высокіх градаў, то перавагу Марыя аддала дрэву не столькі з эстэтычна-экалагічных уласцівасцяў, колькі з практычнага падыходу. Бо дрэва здольна назапашваць ваду і ў патрэбны момант вяртаць яе ў глебу, што крыху спрашчае догляд за градамі. Да таго ж, з простай дошкі можна збіць скрыню памерам пад свае патрэбы і неабходную колькасць глебы пад кожную культуру.

І калі ў справе майстравання скрыняў і арганізацыі прасторы Марыя разлічвае на свае сілы, то ў доглядзе і развіцці агародзіка ёй бы хацелася бачыць інтарэс і ўдзел мясцовай супольнасці.

З гэтай нагоды дзяўчына арганізавала імправізаванае свята двара, каб бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто жыве па суседству. І няхай напачатку крыху расстроіла невялікая колькасць удзельнікаў, аднак з іншага боку парадаваў энтузіязм людзей і здольнасць адгукнуцца, бо хтосьці вынес самавар, хтосьці падрыхтаваў да стала самасоленага сала. Людзі з лёгкасцю ўключаліся ў размову і распавядалі жыццёвыя байкі.

''У маім дзяцінстве я ведала ўсіх у сваім доме. Мая мама магла пакінуць мяне суседзям, каб збегаць у краму. Таму магчыма на новым месцы ў мяне існуе прага да сацыялізацыі. Крыўдна не ведаць адзін аднаго, кожны з нас цэлы сусвет. І ў камунікацыі можна разабрацца наколькі па-іншаму ты здольны зірнуць на нейкае пытанне, прыняць другое меркаванне. Людзі павінны выпрацоўваць звычку стасавацца. Нельга грэбаць такой магчымасцю. Да ўсяго ў маім досведзе ёсць станоўчыя прыклады, калі мясцовыя супольнасці баранілі свае інтарэсы,  бо былі тыя каму не ўсё роўна'', – зазначае Марыя.

З іншага боку, калі яе ідэя агародніцтва не сустрэне падрымкі ў суседзяў, то дзяўчына гатова працягваць праект сама, рэалізоўваць яго як хобі.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.12.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.